Monday, 5 November 2012

Беларуская мова


(in Belarusian)

Беларуская мова ужываецца ў Беларусі, Польшчы і 14 іншых краінах.
Колькасьць карыстальнікаў 7—8 мільёнаў.
Афіцыйная мова ў Беларусі.

Белару́ская мо́ва
 — славянская мова, на якой размаўляюць беларусы і некаторыя іншыя прадстаўнікі аўтахтоннага насельніцтва Ўсходняй Эўропы. Беларуская мова належыць да ўсходняй групы славянскіх моваў, разам з украінскай і расейскай.
Беларуская мова выкарыстоўваецца на тэрыторыі незалежнай дзяржавы Беларусь, а таксама суседніх дзяржаваў — Латвіі, Летувы, Польшчы, Расейскай Фэдэрацыі, Украіны, сярод прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў іншых краінах.
Колькасьць носьбітаў беларускае мовы ў яе стандартызаваных і дыялектных формах, разам з тымі, хто выкарыстоўвае зьмяшаныя варыянты на беларускай аснове (гэтак званую трасянку), прыблізна можна ацаніць у 8—9 мільёнаў.

Згодна з апублікаванымі дадзенымі перапісу насельніцтва 1999 году ўсяго з 8.159 мільёнаў беларусаў у межах Рэспублікі Беларусь назвалі сваёй роднай мовай беларускую 85,6% (каля 7 мільёнаў чалавек), і 41,3% — мовай, якой яны карыстаюцца дома. Апрача таго, сваёй роднай мовай прызналі беларускую 67,1% з 395.7 тысяч палякаў, якія пражываюць у Беларусі, 57,6% зь іх размаўляюць дома па-беларуску, паводле дадзеных перапісу.

Гісторыя

Сучасная беларуская мова была перабудавана на аснове народных гаворак старой беларускай мовы, якія захоўваліся ў межах этнічнага пражываньня беларусаў XIX стагодзьдзя. У канцы XVIII стагодзьдзя, у часы падзелаў Рэчы Паспалітай, зьяўляецца вызначаная мяжа паміж старой беларускай мовай і ейным сучасным варыянтам.
Да канца XVIII стагодзьдзя старая беларуская мова была па-ранейшаму распаўсюджана сярод дробнай шляхты ў Вялікім княстве Літоўскім. Ян Чачот ў 1840-х гадох адзначаў, што ягоныя дзяды аддавалі перавагу выкарстаньню старой беларускай мовы. Паводле дадзеных Аляксандра Пыпіна беларуская мова была распаўсюджана ў некаторых раёнах сярод дробнай шляхты і ў XIX стагодзьдзі. Народная форма мовы была распаўсюджана сярод мяшчанаў і сялянаў. Выкладаньне на беларускай мове праводзілася ў асноўным у школах базыльянаў.
Разьвіцьцё беларускай мовы ў XIX стагодзьдзі праходзіла пад моцным уплывам палітычных канфліктаў на тэрыторыі былога ВКЛ, паміж расейскай імпэратарскай уладай, якая спрабавала ўмацаваць сваё панаваньне над далучанымі тэрыторыямі, і палянізаванай шляхтай, якая спрабавала вярнуць стан папярэдне разьдзелаў.
Адным з важных праяваў гэтага канфлікту была барацьба за ідэалягічны кантроль над сыстэмай адукацыі. Польская і расейская мовы былі ўведзеныя ў якасьці моваў выкладаньняў, але агульны стан адукацыі людзей заставаўся на нізкім узроўні да самага развалу Расейскай імпэрыі.
Сумарна, у першыя два дзесяцігодзьдзі XIX стагодзьдзя назіраўся беспрэцэдэнтны росквіт польскай мовы і культуры ў землях былога ВКЛ, то бок, у гэтую эпоху жылі і працавалі такія вядомыя «беларусы па паходжаньні, але палякі на свой выбар», як Адам Міцкевіч і Ўладзіслаў Сыракомля. У гэтую эпоху скончылася апалячаньне дробнай шляхты, далейшае скарачэньне вобласьці ўжываньня сучаснай беларускай мовы, а таксама фальклярызацыі беларускай культуры.
З сярэдзіны 1830-х гадоў пачалі зьяўляцца этнаграфічныя працы, якія датычацца беларускай мовы, збудзіўся такім чынам інтарэс да вывучэньня мовы. Зьявілася найноўшая беларуская літаратурная традыцыя, якая абапіралася на народную мову. Сярод прадстаўнікоў беларускіх літаратараў таго часу былі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Ян Чачот, Ян Баршчэўскі і іншыя. У 1846 годзе этнограф Шпілеўскі падрыхтаваў беларускую граматыку, якая выкарыстоўвала кірылічнае пісьмо, на аснове народных дыялектаў Менскай вобласьці. Тым ня менш, расейская Акадэмія навук адмовілася друкаваць ягоны твор, на той падставе, што ён ня быў падрыхтаваны ў дастатковай навуковай форме.

Этапы

Умоўным часам пачатку гісторыі сучаснай беларускай літаратурнай мовы лічыцца пач. XIX ст.
Гісторыя разьвіцьця беларускае мовы ўмоўна падзяляецца на наступныя пэрыяды:
  • Праславянскі (да XIII ст.). Дадаткова ў расейскім і савецкім мовазнаўствах вылучаюць пэрыяд існаваньня агульнай старажытнай усходнеславянскай (старарускай) мовы (узьнікненьне каля VII—VIII стст.). Сучасныя навукоўцы ставяць існаваньне такога пэрыяду, як і агульнай старажытнарускае мовы, пад пытаньне.
  • Старабеларускі (XIII—XVIII стст.). Адбылося афармленьне асноўных адметнасьцяў беларускае мовы (аканьне, дзеканьне, цеканьне), аднак пасьля XVII ст. у выніку палянізацыі захавала шырокі ўжытак у Вуніяцкай царкве, а таксама сярод сялян, мяшчан і дробнай шляхты.
  • Сучасны (з XIX ст.).

Дыялекты. Гаворкі. Народна-дыялектная мова

На тэрыторыі Беларусі вызначаюць два дыялекты — паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні, якія разьдзяляюцца паласой пераходных сярэднебеларускіх гаворак.
  • Паўднёва-заходні дыялект
  • Падляскія дыялекты
  • Тудаўлянскія гаворкі
  • Трасянка

Літаратурная беларуская мова

У аснове літаратурнай беларускай мовы (ці сучаснай літаратурнай беларускай мовы) ляжаць сярэднебеларускія гаворкі жывой гутарковай беларускае мовы, ў якіх сумяшчаюцца асобныя рысы, уласьцівыя для суседніх гаворак паўночна-ўсходняга і паўднёва-заходняга дыялектаў.
Беларуская літаратурная мова прайшла ў сваім разьвіцьці два асноўныя этапы:
  1. Старабеларуская мова (14 — сярэдзіна 18 ст.), прадстаўленага перакладной канфэсійнай літаратурай, помнікамі юрыдычнай і дакумэнтальна-справавой пісьменнасьці, летапісамі, мясцовымі хронікамі і інш.;
  2. Нацыянальная літаратурная беларуская мова ці сучасная літаратурная беларуская мова (з канца 18 ст.), якая склалася на аснове сярэднебеларускіх гаворак жывой гутарковай народнай мовы.

Статус

Беларуская мова зьяўляецца дзяржаўнай мовай ў Беларусі (разам з расейскай). Афіцыйны правапіс беларускае мовы рэгулюецца Нацыянальнай акадэміяй навук.
У 4 гмінах Падляскага ваяводзтва Польшчы беларуская мова зьяўляецца дапаможнай: у гміне Гайнаўка, гміне Орля, гміне Чыжы і гміне Нараўка. Дапаможнай мовай у Польшчы зьяўляецца мова меншасьці, якая часткова афіцыйна дапушчанае да ўжываньня побач з афіцыйнай мовай. Жыхары гміны маюць права зьвяртацца ў органы гміны на дапаможнай мове і пры яўна выказаным жаданьні атрымліваць на ёй жа адказ. Мова можа выкарыстоўвацца ў якасьці дапаможнай толькі ў гмінах, дзе для ня менш чым за 20% жыхароў такая мова зьяўляецца мовай нацыянальнай меншасьці, і калі гэтая гміна занесеная ў Афіцыйны рэестар гмінаў, дзе выкарыстоўвацца дапаможная мова, міністрам па справах веравызнаньня і нацыянальных і этнічных меншасьцяў, які зьяўляецца адказным за яго вядзеньне, на падставе заявы рады гміны . Гмінаў, дзе больш за 20% насельніцтва адносяць сябе да беларусаў, у Польшчы цяпер налічваецца 12, але станам на 21 верасьня 2009 году толькі 3 зь іх былі занесеныя ў рэестар гмінаў, дзе выкарыстоўваецца дапаможная мова.
Ва Ўкраіне беларуская мова зьяўляецца мовай нацыянальнай меншасьці.

Альфабэт

Афіцыйна ўжываецца толькі кірылічны беларускі альфабэт. У мінулым выкарыстоўвалася лацінка, якая цяпер ужываецца вельмі абмежаваным колам носьбітаў беларускай мовы. Таксама ў мінулым татары Вялікага Княства Літоўскага пісалі на беларускай мове арабскім пісьмом — арабіцай.

Правапіс

Сучасная беларуская артаграфія будуецца на двух галоўных прынцыпах: фанэтычным і марфалягічным.
  • аканьне: о, э ў словах захоўваецца толькі пад націскам (акрамя выключэньняў), у астатніх выпадках — а: бо́р — бары́, до́ждж — дажджы́ (але: рэвалю́цыя, дэпута́т, дэмакра́тыя)
  • яканьне: е, ё ў першым складзе перад націскам, акрамя выключэньняў, зьмяняецца на я: лё́гкі, лягчэ́й, ле́гчы — ляжа́ць (у афіцыйным правапісе з прычыны розьніцы ў запазычаньнях і расеізацыі існуюць выключэньні: меда́ль, дзевя́ты, васемна́ццаць і гэтак далей)
  • дзеканьне і цеканьне
  • спалучэньні галосных у запазычанных словах: авіяцыя, біялёгія

Іншыя назвы

Некаторыя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі (напрыклад, Янка Станкевіч) ужывалі ў дачыненьні да беларускай мовы іншыя назвы, у прыватнасьці, крывіцкая, вялікалітоўская.

Прадстаўленьне ў кампутары

Паводле стандарту ISO 639 беларуская мова мае коды be і bel. Таксама два найбольш распаўсюджаныя правапісы беларускае мовы маюць асобныя моўныя тэгі IETF: be-tarask для клясычнага правапісу і be-1959acad для афіцыйнага правапісу паводле кадыфікацыі 1959 году.

No comments:

Post a Comment

Followers